"Человек стоит столько, сколько стоят его слова"

Ён часцяком наведваў наш ціхі Глуск – сваю радзіму. Хадзіў па вуліцах і завулках. Ступаў нетаропка, раздумліва. Спыняўся і доўга разглядаў наваколле, нібы нешта шукаў. Ён хадзіў і нічога не пазнаваў. Усё жыло ва ўспамінах. У тым мястэчку, дзе засталося дзяцінства і юнацтва.

Размова ідзе пра беларускага паэта і празаіка, ганаровага грамадзяніна Глуска Сяргея Іванавіча Грахоўскага, які апаэтызаваў гэты прыгожы гарадок на беразе Пцічы ў шматлікіх вершах, напісаў успаміны пра родныя мясціны, пра свіх землякоў, цёплымі словамі ўзгадаў сваіх сяброў з якімі вучыўся, пачынаў спасцігаць таямніцы і прыгажосць паэтычнага слова.

Я, як, магчыма, і іншыя глушчане, прыйшоў да творчасці некалі малавядомага для мяне Грахоўскага праз дакументальную аповесць “Мястэчка…Мястэчка…”, якая друкавалася на старонках раённай газеты ў 1999 годзе. Аповесць уразіла. Дагэтуль я нічога падобнага пра Глуск не чытаў. Гэтак мог напісаць толькі па – сапраўднаму нераўнадушны чалавек, які любіць сваю Бацькаўшчыну. Таму вырашыў як – небудзь пазнаёміцца з Грахоўскім.

Думкі аб сустрэчы з пісьменнікам не выходзілі з галавы. Ездзячы ў інваліднай калясцы па вуліцах, я прыглядаўся да людзей, наводзіў даведкі ў супрацоўнікаў рэдакцыі раёнкі, куды Сяргей Іванавіч, бываючы ў Глуску, заходзіў абавязкова. Я думаў, як і з якога боку мне да яго падысці, з чаго пачаць размову. Але ці захоча ён, знакамітая асоба ў літаратурным асяроддзі краіны, уступаць са мной, інвалідам, у дыялог?

Сустрэча адбылася знянацку. Едучы па вуліцы Жыжкевіча, убачыў Грахоўскага, які ішоў нетаропкай хадой. Сутыкнуліся ля райваенкамата. Я прывітаўся, што Сяргея Іванавіча на нейкі момант спыніла. Размову я пачаў з таго, што прчытаў яго аповесць пра мястэчка і таму ёсць некалькі пытанняў. На што той працягнуў мне сваю руку, у якой я адчуўне толькі моц поціску, але і цяпло. “Добры дзень, зямляк! Добры дзень! І чый жа ты будзеш?” – схіліўшыся да мяне, прагаварыў Сяргей Іванавіч чыстым, зычным голасам, углядваючыся ў твар жывымі вачыма. “З Васілеўскіх я, з вёскі Карніца, што ў дзесяці кіламетрах ад Глуска, па шашы на Любань”, - адрапартаваў я.

Наша гаворка доўжылася каля гадзіны, у ходзе якой мой субяседнік зрэдку кідаў позірк на мемарыяльную дошку на сцяне ваенкамата. Як высвятлілася, ён быў сведкам у той жудасны дзень, калі ля гэтай сцяны (будынак пабудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя) белапалякі растрэльвалі мясцовага хлопца Міцю Жыжкевіча, які быў пісарам у раённым валасным Савеце. Растралялі на вачах яго бацькоў, на вачах вернікаў, якія выйшлі з Богаяўленскай царквы (сёння на яе месцы рэстаран “Пціч”), сярод якіх быў і Сярожа з маці.

На расставанне ізноў поціск рук, пажаданні, і мы падаліся кожны у свій бок. Не верылася, што чалавеку ўжо за 80 гадоў: яго ясная памяць уражвала. Здзівіла і тое, як Сяргей Іванавіч вёў сябе – Я не адчуў з яго боку ніякай маніі велічнасці. Не верылася, што за яго плячыма амаль 20 гадоу сталінскіх лагераў, што прайшоў праз такія кругі пекла, якіх хапіла б не на адно жыццё.

Сяргея Грахоўскага не “выбілі з сядла” ні турма, ні лагеры, ні хваробы. Вельмі цяжка адабраць у чалавека тое, што завецца ўнутранай свабодай. Яна літаральна разліта у яго творчасці, асабліва паэтычнай.

Лёс зрабіў так, каб ён стаў сведкам народнай трагедыі і змог стварыць кнігі – помнікі пра яе ахвяры. Аповесці “Зона маўчання”, “З воўчым білетам”, “Такія сінія снягі”, “Два лёсы – дзве трагедыі”, паэма “Балючая памяць” і шмат вершаў сталі падзеяй у беларускай літаратуры, кнігамі – помнікамі, як і лагерныя творы А. Салжаніцына, В. Шаламава, А. Жыгуліна…

Пасля поўнай рэабілітацыі ў 1955 годзе адбылося вяртанне Грахоўскага ў літаратуру, яго другое нараджэнне на свет. З рубцамі перажытага на сэрцы прыйшлося ўсё пачынаць спачатку, а Грахоўскаму ўжо было 42 гады. Тым не менш з 1956 года і да адыходу ў вечнасць ён выдаў больш за 50 кніг паэзіі, прозы, перакладаў. Трэба быць моцным чалавекам, каб зрабіць гэта. Ды так плённа?!

Як сведчыць С. Грахоўскі: “у маім пашпарце запісана: год нараджэння – мястэчка Нобель Ровенскай вобласці. Але тых мясцін не ведаю і не помню. Імперыялістычная вайна забрала бацьку ў салдаты, а мяне з маці пагнала ў бежанцы. Было ўсё так, як напісана ў маёй “Паэме дарог”, калі на адным і тым жа возе, дзе едуць бежанцы, уцякаючы ад вайны, побач з бабкай, якая “плыве ў смяротны холад забыцця”, “курчыцца і енчыць парадзіха”.

Пасля нядоўгага прытулку на станцыі Чырвоны Бераг, расказвае Сяргей Іванавіч у “Пражытым і перажытым”, маці з дзесяцімесячным немаўляткам адбыла на сваю радзіму, у мястэчка Глуск.

Грахоўскаму было чатыры гады, калі “скінулі цара”, і маці не магла яму растлумачыць, адкуль таго “скінулі”. Пазней Сярожа ўбачыў партрэт Леніна, і маці растлумачыла, што гэта цяпер “самы галоўны чалавек”. У пачатку 20 – гадоў вярнуўся бацька, які прайшоў імперыялістычную і Грамадзянскую войны, і жыць стала лягчэй. Але ж на долю іх сям”і выпала ўсё, што і на долю краіны. Давялося перажыць нямецкую і белапольскую акупацыі. Менавіта першыя гады дзяцінства, якія выпаліна пешае дзесяцігоддзе Савецкай улады – час, калі яшчэ не было недапушчальных адхіленняў ад ленінскіх нормаў, і былі пачаткам той ідэйнай загартоўкі і перакананасці ў тым, што ўсё, што робіцца – правільна.

С. Грахоўскі пісаў: “З маленства ў сваім палескім Глуску мы не ведалі, што мы – беларусы: нацыянальнасць вызначалася толькі па вераванні. Праваслаўны – значыць рускі, католік – паляк, яўрэй і гэтак далей.

І раптам у школе загаварылі на простай мове, на мове нашых маці і бабуль, і мы даведаліся, што мы – беларусы, убачылі падручнікі і кніжкі на беларускай мове, адкрылі Купалу, Коласа, Багдановіча, Чарота…”

У тыя гады школьнікі займаліся пісьменніцтвам. Захапленне літаратурай прыйшло і да Сяргея Грахоўскага. Ён пачынае пісаць вершы. Першы – “На змену Ільічу”, які склаў у сувязі са смерцю Леніна, быў надрукаваны ў 1926 годзе ў часопісе “Беларускі піянер”, а ўнізе подпіс “піянер Сяргей Грахоўскі”.

Жывучы ў Глуску, С, Грахоўскі марыў з”ездзіць у Бабруйск і пазнаёміцца з Міхасём Лыньковым, які у той час у свае 27 гадоў працаваў рэдактарам Бабруйскай газеты “Камуніст” і вёў літаратурны дадатак “Вясна” да яе. І вось летам 1929 года, зарабіўшы на дарогу грошай, адсюль, з дарагога сэрцу куточка, павялі будучага паэта шляхі – дарогі.

У Бабруйску Грахоўскі працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, пазнаёміўся з мясцовымі літаратарамі. Талент юнака першым заўважыў М. Лынькоў і надрукаваў яго верш “Восень”, чым і падтрымаў маладога аўтара.

Пасля бабруйскай эпапеі Сяргей Грахоўскі пераехаў у Мінск. М. Лынькоў ужо працаваў тут у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі і зноў працягнуў руку дапамогі здольнаму юнаку: Грахоўскі пачаў працаваць у выдавецтве. Яго вершы друкаваліся на старонках часопіса “Чырвоная Беларусь”. Потым працуе ў рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”, дзе рыхтуе літстаронкі, піша нарысы і замалёўкі і адчувае недахоп адукацыі, ведаў. Гэта і прывяло яго на літаратурны факультэт Мінскага вышэйшага педінстытута, які закончыў у 1935 годзе і стаў працаваць рэдактарам на Белрадыё, выкладаў літаратуру на рабфаку пры БДУ.

Апынуўшыся ў самым цэнтры літаратурнага жыцця, малады паэт пазнаёміўся і пасябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі. Пра гэты перыяд свёй ранняй творчасці ў 1986 годзе напісаў кнігу “Так і было”, дзе расказаў пра сустрэчы з імі, паказаў трывожныя 30 – я гады.

У кастрычніку 1936 года Грахоўскі быў рэпрасіраваны. Гэты факт ён ўспрыняў як непаразуменне. “На жаль, непаразуменне высвятлілася толькі праз дваццаць гадоў, калі ХХ з”езд КПСС сказаў сваё справядлівае слова. Шкада толькі, што марна прайшла маладосць і лепшыя творчыя гады”. “Я ўдзячны лёсу, - піша Сяргей Іванавіч, - што побач былі мужныя і цудоўныя людзі, якія верылі ў справядлівасць і гэтай мужнасці і веры вучылі маладых лагернікаў”.

С. І. Грахоўскі – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя А. Куляшова, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь. Працаваў у часопісе “Бярозка”, у апараце Саюза пісьменнікаў БССР, быў рэдактарам часопіса “Вясёлка”.У 1973 – 74 гадах С. І. Грахоўскі – адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

11 снежня 2002 года Сяргея Іванавіча Грахоўскага не стала. Светлая памяць аб слаўным земляку навечна застанецца ў сэрцы ўсіх, хто яго ведаў. Яго імем у Глуску названы бульвар, дзе стаіць помнік літаратару. У СШ №1, якая носіць яго імя, працуе музей, які расказвае аб жыцці і творчасці паэта і пісьменніка. У 2007 годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў у свет аднатомнік твораў С. Грахоўскага, куды ўвайшлі лепшыя творы розных гадоў і дакументальныя аповесці, у якіх аўтар расказаў пра гады свайго зняволення, артыкулы, старонкі з дзённікаў, лісты да сяброў – пісьменнікаў і іншых асоб. Гэта кніга, як і тая даўняя, надрукаваная ў раённай газеце аповесць “Мястэчка…Мястэчка…”, захоўваюцца ў маёй асабістай бібліятэцы, і яны – настольныя кнігі.

Валерый Васілеўскі, г. п. Глуск.