"Человек стоит столько, сколько стоят его слова"

Душою збалелую
ціха гарнуся
да птушак,
да кветак,
да дрэў, да травы...
І не таюся –
пры ўсіх ганаруся,
што ў долі адзінай маёй Беларусі
лучу сваю долю,
пакуль я жывы.
Тут войны не раз засявалі раллю.
Чужых і сваіх
смерць няшчадна касіла.
Спяць воі пад вартай бярэзін пахілых.
А кветкі ўпрыгожваюць нашу зямлю
нанова.
Не толькі на брацкіх магілах.
Нас мовы сваёй пазбаўлялі.
Ды ўсё ж,
хоць многае ўжо незваротна забыта,
яна з пракавечнага ўжытку не зжыта.
А ў полі штогод
каласуе не"рож",
а наша
сваё
жыццядайнае – жыта.
Галеюць утручаных рэк берагі.
Даўно пазнікалі старыя стагі.
Ад сцюжы няўмольнай,
ад цяжкай тугі
згасаюць пра лета няпэўныя згадкі.
Але ж –
утравеюць нарэшце лугі,
і паша ўратуе галодныя статкі...
... У жыце,
ў буслянцы,
ў кветцы,
ў траве –
Жыве Беларусь.
Жыве!

Артур Вольскі