"Человек стоит столько, сколько стоят его слова"

Яе імя для суайчыннікаў стала сімвалам ахввяравання сабой дзеля Радзімы, адданасці ідэям нацыянальнага адзінства. Яе жыццё, на жаль, вельмі рана абарваля… Эмілія Плятэр, легенда вызвалення паўстання 1830 – 1831 гадоў.

Эмілія Плятэр паходзіла са старадаўнега багатага графскага роду, які меў заможныя палацы і маёнткі па ўсей тэрыторыі рэчы Паспалітай: у Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі. Нарадзілася Эмілія Плятэр у Вільні 13 лістапада 1806года, але яе бацькі Францішак Ксаверы Плятэр і Ганна Моль не вельмі ладзілі паміж сабой, і наўзабаве разам з маці дзяўчынка пасялілася ў маёнктку Лікснэ Дзінабурскага павета Віцебскай губерніі (цяпер гэта тэрыторыя Латвіі).

Эмілія з дзяцінства здзіўляла родных свёй моцнай воляй, была надзвычана сур’ёзнай і ўдумлівай. Падлеткам яе мала цікавілі дзявочыя захапленні , гульні, танцы, уборы, рамантычныя мары пра каханне. У доме Плятэраў мелася цудоўная бібліатэка, і дзяўчына праводзіла там шмат часу, з цікавасцю вывучала гісторыю, літаратуру Рэчы Паспалітай, чытала кнігі пра знакамітых людзей, якія са зброяй у руках гераічна адстойвалі свабоду сваёй краіны. Яе натхнялі вобразы Жанны д’Арк, Тадэуша Касцюшкі, іншых нацыянальных герояў. Каб стаць падобнай да іх, Эмілія вучылася верхавой яздзе, займалася фехтаваннем, адпрацоўвывала навыкі стральбы, здзяйсняла разам са стрыечнымі братамі паходы праз балоты і лясныя гушчары. З захапленнем шукала новые звесткі пра Ласкарыну Бубуліну , гераіню грэчаскай рэвалюцыі(1821г.) і барацьбы супраць асманскага іга: гэтая багатая жанчына на свае грошы ўтрымлівала невялікі флот і войска паўстанцаў, купляла для іх зброю і харчаванне. Партрэты Бабуліны, Жанны д’Арк і Касцюшкі віселі сярод іншых у доме Плятэраў.

Наугол Плятэры былі гарачымі патрыётамі Рэчы Паспалітай, таму зразумела, якія гаворкі вяліся ў час сустрэч родзічаў. Юная Эмілія пазнаёмілася з філасофіяй філаматаў, зачытвалася іх творамі. Асабліва любіла “Грыжыну” Адама Міцкевіча, а галоўная гераіня стала для пераймання. Пад уплывам паэтаў – філаматаў Эмілія захапілася беларускім фальклорам, занялася яго збіраннем і запісвалася свае нататкі ў асобныя сшыткі.

Натуральна, што, маючы такую натуру і выхаванне, Эмілія Плятэр не змагла застацца ў баку ад вызваленчага руху. У 1830 годзе самаўпраўная палітыка Александра 1 у дачыненні да рэчы Паспалітай, каранаванне імператара Мікалая 1 каралём Польшчы выклікалі гнеў і абурэнне ў польскіх і літоўскіх патрыётаў, якія марылі адрадзіць сваю радзіму ў межах 1772 года.

У канцы лістапада адбылося паўстанне ў Варшаве. Даведаваўшыся аб гэтым, Эмілія тут жа аб’ездзіла бліжэйшых сваякоў і знаёмых з заклікам пачаць падрыхтоўку да барацьбы ў Літве і на Беларусі, заклікала іх аб’яднацца ў баявы атрад. Разам са сваімі кузенамі Люцыянам і Фердынандам, іх сябрамі, курсантамі школы падхарунжых, яна распрацавала план па захопе Дзінабургскай крэпасці. Меркавалася, што Эмілія прывядзе да сцен крэпасці свой баявы атрад, а курсанты змогуць арганізаваць на гэты час пераварот унутры. Гарнізон крэпасці быў невялікі, умацыванні слабыя, так што змоўшчыкі спадзяваліся на поспех. Але планы не спраўдзіліся, бо школу зачынілі, падхарунжых выслалі ў іншыя губерніі, а крэпасць узмацнілі дадатковымі войскамі. Аднак падчас падрыхтоўкі адбылася важная падзея – пасвячэнне Эміліі Плятэр у рыцара – дзеву паводле старажытных традыцый.

У Польшчы ўжо ішлі баі, а ў Беларусі і Літве пакуль стаяла трывожная цішыня. Не хапала цярпення, і Эмілія паехала ў Вільню, каб сустрэцца з людзьмі, якія павінны нешта ведаць. Мяркуецца, што ёй удалося выйсці на Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Эмілія пачала актыўна дзейнічаць: аб’яджала навакольныя маёнткі і вёскі, заклікаючы браць зброю і рыхтаваць косы. Дзяўчынка падрэзала свае доўгія і прыгожыя валасы, пераапранулася ў ваенны мундзір і ўжо ў такім баявым уборы 29 сакавіка з’явілася на плошчы мястэчка Дусяты перад касцёлам. Узброеная пісталетамі і кінжалам маладая дзяўчына выклікала ў людзей, якія выйшлі на плошчу пасля службы, здзіўленне. Эмілія палымяна звярнулася да ўсіх як да сваіх братоў, аб’явіўшы аб пачатку вялікай барацьбы”за нашу і вашу свабоду” і заклікаўшы людзей узняцца за сваю Айчыну… Як пішуць сведкі, за чвэрць гадзіныЭмілія Плятэр сабрала атрад колькасцью 280 сталкоў, 60 конных і некалькі соцень касінераў.

Наваствораны атрад рушыў на Дзінабург. Па дарозе паўстанцы напалі на паштовую станцыю Даўгелі і захапілі яе, перамогшы часткі расійскага імператарскага войска. Затым 4 красавіка з баямі узялі мястэчка Езяросы, і Эмілія ўпісала ў гарадскую і судовую кнігі Акт паўстання. Для яе гэта быў своеасаблівы момант справядлівасці – вяртанне сваіх земляў.

Праз два месяцы ў мястэчку Жэймо Трокскага павета атрад Эміліі Плятэр сустрэўся з рэгулярнай польскай арміяй генерала Хлапоўскага.

Незвычайная дзяўчына – паўстанец выклікала павагу і захапленне. Вось адзін з успамінаў: “…Далучайся да нас даволі вялікі, добра апрануты конны адзел паўстанцаў на чале з дзяўчынай Плятэр. Ёй можна было даць не больш за 24 гады. Невялікая ростам, бледная, не прыгажуня, але з акруглым прыемным, сімпатычным тварам, блакітнымі вачыма, стройнага, хоць не моцнага целаскладу. Была сер’ёзная, хутчэй суровая, чым простая ў абыходжанні, малагаворкая і сваім выглядам быццам патрабавала да сябе належных адносін і прыстойнасці. Ды ніхто ў лагеры не дазволіў бы ў яе прысутнасці кінуць лішняе слова, жарт ці саграшыць…На ёй сурдут з чырвоным каўняром, а каля шыі карункавы каўнерак, што вельмі ёй пасавала. Невялікі мужчынскі ківер на галаве, валасы падрэзаныя, на паясе кінжал і невялікая шабля, сярэбраныя шпоры на боціках. Сціплая, без усялякай ненатуральнай прэтэнзіі, яна стройна трымалася на кані…”

Генерал Адам Хлапоўскі прыняў Эмілію вельмі прыязна, і калі яна пагадзілася вярнуцца да дому, каб “пачакаць там з надзеяй перамогу”, узяў яе ў свій штаб. Нечуваная рэч – маладая жанчына была афіцыйна пастаўлена над бываламі салдатамі, прызначана ганаровым камандзірам 1 роты 25-га лінейнага палка паўстанцкай арміі, ёй быў прысвоены чын капітана. Яна даслужылася затым да камандзіра 1-й роты 1-га палка літоўскай пехоты.

Бесперапынныя баі і новыя бітвы. І паўсюль яна, Эмілія Плятэр, паважаная байцамі дзяўчына сімвал адданасці і мужнасці, непахіснай волі да свабоды. 19 чэрвеня Плятэр удзельнічала ў бітве пад Вільняй – гэта быў пік паўстання на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Задача перад аб’яднанымі сіламі паўстанцаў ставіліся вядомыя: авалодаць сталіцай ВКЛ. Аднак узяць горад не ўдалося. Сюды былі сцягнуты значныя злучэнні рускіх войскаў, узмоцненыя баявымі гарматамі. Паўстанцы панеслі вялікія страты і вымушаны былі адступіць на захад. Гэта паражэнне азнаменавала пералом ў ходзе ўсяго паўстання і вызваленчай барацьбы 1830 – 1831 гадоў.

Эмілія Плятэр удзельнічала ва ўсіх аснаўных бітвах. Пасля паразы пры ўзяццці Вільні і найцяжэйшага бою Шаўляя полькая армія аказалася падзеленай на тры часткі. Генерал Хлапкоўскі вырашыў адвесці свой атрад у Прусію, каб уратавацца (потым ён будзе вымушаны ў Прусіі здаць зброю). Эмілія катэгарычна супраць: “Лепш вам б памерці з гонарам, чым скончыць такой ганьбой. Шчаслівай дарогі, генерал! Што тычыцца мяне , пакуль іскра жыцця будзе у грудзях, буду змагацца за Айчыну!” Плятэр з аднадумцамі вырашыла дабрацца да Польшчы, каб працягнуць барацьбу, далучыцца да паўстанцаў. На гэтым шляху, вымушаная прабірацца тайком праз ўсю Літву і начаваць як прыйдзецца, дзяўчына моцна прыстудзілася. Знясіленая, яна раз-пораз губляла прытомнасць і сябры пакінулі яе ў сялянскай хаце, адтуль Эмілію забралі да сябе шляхціцы Абламовічы. Яе апякалі, пэўны час яна пражыла там як настаўніца дзяцей гаспадароў.

Пра тое, што паўстанне канчаткова разгромлена, Эмілія даведалася толькі ў канцы кастрычніка (ад яе гэтую навіну ўсяляк хавалі). Вестка падкасіла і без таго кволае здароўе: зацяжная прастуда і нервовы стрэс сер’ёзна падарвалі яе сэрца. Хвароба стала імкліва развівацца, і праз два месяцы ва ўзроссце 25 гадоў Эмілія Плятэр памерла…

Але яшчэ некалькі гадоў пасля яе смерці расійскія жандары чуйна рэагавалі на чуткі аб быццам бы яе вяртанні і шукалі неабвержаныя доказы смерці гераіні, бо сапраўды вельмі баяліся палымяннай патрыёткі. Царскімі ўладамі графіня Эмілія Плятэрбыла пасмяротна прылічана да 2-га разраду дзяржаўных злачынцаў, яе маёнткі і маёмасць былі канфіскаваны. Аднак самае балючае, што зніклі ўсе яе літаратурныя нататкі.

ПАЭТКА І ФАЛЬКЛАРЫСТКА

Эмілія Плятэр вядомая нашчадкам як адна з першых збіральніц беларускіх народных песень, прымавак і галашэнняў на Віцебшчыне. Усебакава адукаваная, эрудзіраваная, Эмілія таксама вызначалася музычнымі здольнасцямі. Яна апрацоўвывала і выконвала на фартэпіяна народныя мелодыі, захаплялася народнай харэаграфіяй, пісала вершы, выказвала ў сваіх сачыненях любоў да народных паданняў. Асабліва ёй быў цікавы такі самабытны жанр, як галашэнні – памінальная, вясельныя, календарныя і іншыя. Іх выкананні – мастацкае ўвасабленне ўнутранага стану і думак чалавека ў хвіліны трыўмфу або адчаю.

Кіруючыся ідэямі філаматаў і філарэтаў, юная графіня Плятэр спрабавала прысвяціць жыццё вывучэнню і прасоўванню культуры свайго народа. Яна збірала беларускі фальклор, запісвала паданні і песні, вучылася танцаваць “простыя” танцы. Ёсць сведчанні, што Эмілія па-майсэрску выконвала пад дуду “Лепятуху”.

Вядомы рэвалюцыйны ссыльны, даследчык Сібіры і мемуарыст Максіміліян Восіпавіч Маркс, з маці якога сябравала і часта гасцявала ў яе доме ў Віцебску Эмілія Плятэр, назваў яе прадвесніцай нацыянальнага Адраджэння 19 стагодзя. Ён так пісаў пра Плятэр: “Першая яна – напэўна ж, я не памыляюся – з запалам, уласцівым адчувальным і высакародным сэрцам, аддалася душою беларускаму люду,вывучала яго бяду і спачувала ёй, імкнучыся па магчымасці аблегчыць яе; збірала і спявала яго песні, шчодра плаціла за іх дастаўку і спрабавала пяро ў іх наследаванні…” На жаль, загінулі дзесьці ў нетрах архіваў жандармерыі шматлікія фальклорныя нататкі і рукапісі з уласнымі вершамі графіні Плятэр. Засталіся ў запісі толькі некалькі радкоў з народнага галашэння, якое, паводле ўспамінаў сучаснікаў, Плятэр выконвала вельмі кранальна, шчыра:

Авой, авой, дзяцюк ты мой!
Ня на радасць,
ня на шчасьце ты радзіўся…

Слава пра мужнаю літвінку Эмілію Плятэр, найперш дзякуючы паэту Адаму Міцкевічу, разняслася на ўвесь свет: памяці юнай графіні ён прысвеціў верш-кантату “Смець палкоўніка”. У сваіх творах апелі Дзеву –воіна паэты Францыі, Англіі, Польшчы, Германіі, Італіі. Пра “беларускую Жанну д’Арк” у 30-я гады 19 стагодзя ставілася пьеса ў Парыжы. Наогул, у Францыі ёй прысвецілі некалькі кніг і літаграфій.

Сваёй нацыянальнай гераіняй лічаць Эмілію Плятэр Латвія і Літва, таму што нарадзілася яна ў Вільні, а дзяцінства і юнацтва правяла ў радавой сядзібе каля Дзінабурга (Даўгапілса). Выдатны беларускі мастак Напалеон Орда пакінуў нам малюнак тагачаснага маёнктка Лікснэ.

У Польшчы памяць Эміліі Плятэр ушаноўваецца найбольш яскрава ў Варшаве, яе імя носіць адна з цэнральных вуліц, ёсць шматлікія помнікі. Яе партрэты, выявы шматкроць з’яўляюцца на польскіх банкнотах і манетах, а таксама на розных медалях. У яе гонар называецца навучальныя ўстановы і нават зоркі. Недаўна натуралістамі Польшчы быў выведзены пяшчотны павойнік Emilia Plater: светла-блакітныя кветкі люціка з чатырма раскрытымі вонкі пялёсткамі смела пазіраюць у вольнае чыстае неба.

АЛЕНА ЦЯРЭНЦЬЕВА,
“Народная воля”,
28 ліпеня 2020 г.