Віленскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, «бацька польскай фатаграфіі», этнограф, фалькларыст – гэта пра Яна Булгака. Але ўсё ж яго творчасць лічыцца часткай супольнай культурнай спадчыны трох краінаў – Беларусі, Літвы і Польшчы. Нарадзіўся творца ў маёнтку непадалёк вёскі Асташын на Навагрудчыне 6 кастрычніка 1876 года. У 1897-м у Вільні скончыў класічную гімназію, паступіў на факультэт філасофіі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, але з-за недахопу сродкаў праз два гады мусіў пакінуць вучобу. Да 1912 года жыў у вёсцы Пярэсека Мінскага павета, дзе знаходзіўся маёнтак, які атрымаў у спадчыну ад маці. У жніўні 1901 года ажаніўся з Ганнай Хаціскай. Праз пяць гадоў нарадзіўся яго адзіны сын Януш. Бадай што застаўся б ён у шэрагу тысячаў абывацеляў, «звычайных насельнікаў краю», калі б не выпадак. Жонцы падаравалі просценькі фотаапарат. І ў 1905 годзе Я. Булгак зрабіў першыя свае фотаздымкі. Напачатку парадамі дапамагаў навагрудскі фатограф Баляслаў Ігнаці Дамейка. А ў 1908 годзе стварыў сваю фоталабараторыю ў сядзібе Пярэсецы. У той жа год дэбютаваў і атрымаў галоўную ўзнагароду на фотаконкурсе рэдакцыі «Ілюстраванага жыцця» (штотыднёвы дадатак да «Літоўскага кур'ера»). І далей яго жыццё было звязанае з фатаграфіяй.
Пераважная частка яго творчасці звязаная з Вільняй і Віленшчынай, ён таксама дакументаваў помнікі і пейзажы іншых частак тагачаснай Польшчы. Большасць калекцыі зробленая ў 1912 – 1915 гадах, але нават пад час нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну фатаграфаваць не пераставаў. У віленскім доме Я. Булгака на плошчы Э. Ажэшкі захоўвалася калекцыя з 10 тыс. фотаздымкаў, з іх прыкладна 6 тыс. – Вільні і Віленшчыны. Калекцыя амаль цалкам згарэла ў 1944 годзе. У 1915 годзе выйшаў альбом у 6-і тамах «Літва ў здымках Яна Булгака», дзе змешчана больш за 270 здымкаў: Навагрудак, Мір, Нясвіж, Свіцязь, Крэва, Вілейка, Трокі. Тут да месца згадаць Напалеона Орду: калі навукоўцы, ды і не толькі, хочуць пабачыць, як выглядалі маёнткі, касцёлы і цэрквы на нашых землях у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, то абавязкова звяртаюцца як да літаграфіяў і малюнкаў Н. Орды, так і да здымкаў Я. Булгака. У 1919 – 1939 гадах фотамайстар кіраваў фатаграфічнай лабараторыяй пры факультэце мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Памёр у 1950 годзе, пахаваны ў Варшаве на могілках Старыя Павонзкі.
Такім чынам, у Беларусі некалькі месцаў, звязаных з творчасцю выбітнага фотамайстра. Былому маёнтку Пярэсека, сённяшняй вёсцы Пярэсека ў Мінскім раёне непадалёк Самахвалавічаў, пашанцавала. Акурат на чарговыя ўгодкі Я. Булгака на месцы былой сядзібы адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага знака. Побач з рэшткамі падмурка сядзібнага дома Я. Булгака размясціўся 14-тонны валун, на якім змешчаная дошка з надпісам, што тут размяшчалася першая фоталабараторыя майстра (скульптар Валерый Ксяндзоў).
Добрую справу ініцыяваў і прафінансаваў прадпрымальнік Францішак Жылка. У Пярэсецы ён пабудаваў свой дом – на аснове дома, дзе жыла маці яго жонкі. Ад яе і даведаўся пра знакамітага «суседа».
– Калі я пачаў прыязджаць сюды, – згадвае Францішак Баляслававіч, – тут ужо не было пабудоваў. Можна было здагадацца, што засталіся падмуркі, але – ужо зарослыя кустоўем і дрэвамі, пакрытыя тоўстым слоем дзёрну. Цешча распавядала, што раней карысталася «панскім» склепам. Паціху пачаў высвятляць, што за асоба валодала маёнткам, як тут было сто гадоў таму. І ўзнікла ідэя добраўпарадкаваць месца, неяк пазначыць яго, ушанаваць Я. Булгака. На шчасце, пайшлі насустрач у Міханавіцкім сельскім Савеце, дапамагалі і некаторыя аднавяскоўцы.
Аднавяскоўцы дапамаглі і з перавозкаю валуна.
– Даведаўся, што ў Ракаве на падворку аднаго чалавека ёсць камень акурат такі вялікі, якой вялікай асобаю быў Ян Булгак, – працягвае Францішак Баляслававіч. – Не адразу гаспадар пагадзіўся аддаць. Хаця камень і ў нечым замінаў яму (даводзілася абворваць вакол яго), але ж – і быў своеасабліваю тамтэйшай адметнасцю. Вяселлі, вандроўнікі абавязкова завітвалі ў двор, каб сфатаграфавацца. Ды я, відаць, знайшоў патрэбныя словы і пераканаў, што валун неабходны ў Пярэсецы, каб ушанаваць выдатную Асобу. Але ж патрэбна перавезці. З дзвюх спробаў нічога не атрымалася. Тады падключыліся мае суседзі – Ірына і Дзмітрый, якія тут нарадзіліся, маюць сваю фірму. З іх дапамогаю валун пераехаў настала сюды.
Зноў – выпадкі? Вырашайце самі. Толькі рапавядаю так падрабязна дзеля таго, каб звярнуць увагу чытачоў: у Беларусі нямала выдатных месцаў, многія заняпалыя, дзе нават і мясцовы люд не ведае (або ведае мала), чым жылі іх продкі, хто рупіўся там дзеля росквіту краю. Не паўсюль паспявае дзяржава пазначыць адметнасць шыльдаю ці памятным каменем, а тым больш – няшмат сёння людзей, якія маюць магчымасць ці жаданне хаця б мінімальнымі намаганнямі ды сродкамі парупіцца, каб увекавечыць месца, асобу, падзею. Пярэсецы і Я. Булгаку пашанцавала неверагодна! І радуе, што мясцовыя ўлады ініцыятыву падтрымалі – на карце Міншчыны з’явілася новая кропка не толькі для турыстычных маршрутаў.
Хаця асаблівай рэкламы пра ўрачастасць адкрыцця знака не было, хаця свята адбывалася не ў Мінску ці адносна вялікім паселішчы, хаця надвор’е не надта спрыяла (хмары, вецер, холад), – але сабралася чалавек сто: сябры і суседзі Ф. Жылкі, навукоўцы, музыкі, прадпрымальнікі, журналісты, сябры ГА «Згуртаванне нашчадкаў шляхты і дваранства» ды інш.
Распачалася ўрачыстасць пад старою ліпай, што засталася ад колішняга парку Булгакаў. Выступілі фальклорныя калектывы «Крупіцкія музыкі» і «Матуліна хата». Далей вядучы Мікола Котаў зычна выгукнуў: «Запаліце свечкі ў памяць аб Яну Булгаку!». Не ўсе язычкі полымя на ветры гарэлі доўга – як не ўся спадчына ў бурным ХХ стагоддзі захавалася да нашых дзён. Гучалі песні на беларускай, польскай і рускай мовах, а потым усе перамясціліся да каменя. Коратка пра ідэю ўшанаваць памяць Я. Булгака і яе рэалізацыю распавёў Ф. Жылка. Права адкрыць камень з мемарыяльнай дошкаю было дадзенае скульптару В. Ксяндзову.
Далей выступілі госці – прафесар Леанід Лыч, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, паэтка, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч, старшыня Міханавіцкага сельсавета Святлана Давальцава, кіраўнік Згуртавання нашчадкаў шляхты і дваранства Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі, краязнаўца і перакладчыца з польскай мовы Таццяна Канапацкая. Усе яны казалі пра значнасць асобы фотамастака Я. Булгака, пра неабходнасць ушаноўваць падобныя месцы, пра рупнасць фундатара Ф. Жылкі. А сябры Мінскага Сходу нашчадкаў шляхты і дваранства ўручылі В. Ксяндзову і Ф. Жылку свае ўзнагароды.
Скончылася свята пасадкаю Жылкам і Давальцавай дрэва. Акурат – на замену старадаўняй ліпе падрасце велічны чырвоналісты дуб. Потым ахвочыя змаглі пахадзіць па сядзібе прадпрымальніка, якую той засадзіў з вялікім густам і любоўю.
Уладзімір ПУЧЫНСКІ, фота аўтара