"Человек стоит столько, сколько стоят его слова"

Тэатр фальклору "Матулiна хатка" паудельнiчаў у гуляннях, што ладзiлiся ў Мiнску ў Дзень горада.

Шырока, прыгожа ў Мiнску адзначалася 950-годдзе горада. Выйшлi на сцэны, пляцоўкi ў мiкрараёнах як прафесiйныя, так i самадзейныя артысты. У тым лiку i наш Тэатр фальклору "Матулiна хата". Мне ж хочацца згадаць, як прыжыўся ў сталiцы, знайшоў сваё месца пад сонцам наш фольк-праект.

Жывучы ў адным з мiкрараёнаў, я даўно заўвважыў: на лавачках ля шматпавярховак, дзе жывуць перасяленцы з Чарнобыльскай зоны, збiраюцца, нiбы колiсь у вёсках, старыя людзi. Пэўна, нiяк не звыкнуцца з новым ладам жыцця. Сумуюць без роднай хаты, простых зносiн з блiзкiмi людзьмi. Неяк разгаварылiся мы. Казалi жанчыны: дзецi з Расii пiшуць, да сябе клiчуць - але ж сэрца рвецца ў родную вёску...

Пасля гутарак-развагаў з маiмi палескiмi землякамi круцiлiся думкi: можа сабраць спеўны гурт? Калi выспела задумка насустрач нам прыйшлi добрыя людзi з Тэрытарыяльнага цэнтра сацыальнага абслугоўвання насельнiцтва Маскоўскага раёна Мiнска. Нам, энтузiястам, выдзелiлi памяшканне, прычым пявуннi мае прынеслi туды свае вышыванкi, непатрэбныя у горадзе чыгункi-гаршчкi-самапрадкi, тканыя посцiлкi. Вось i стала ўтульна нiбыта ў матулiнай хаце. I назвалi мы гурт: "Матулiна хатка". Я нават вершы напiсаў, што ўжо сталi песняю: "Родны прытулак - матулiна хата, / Родны з дзяцiнства парог, / Ты выпраўляла, ты сустракала / З самых далёкiх i цяжкiх дарог..." Пацiху-патроху мы пашыралi свой спеўны рэпертуар, пачалi "выходзiць у людзi". Неяк на свяце ў Парку Паўлава, дзе выступалi, вадзiлi карагоды, падышоў да нас пасля вытуплення Валеры Сарока. Iдэя "гарадскога фальклора", казаў, яму падабаецца, а са строямi ўзяўся дапамагчы фiнансава: мы закупiлi матэрыялы, парабiлi сабе касцюмы.

Калi ўжо й строi ў нас былi, Валеры Iларыёнавiч гурт не пакiнуў - бо й сам родам з вёскi. Дапамагае нам праводзiць дабрачынныя канцэрты ў дамах састарэлых на Гомельшчыне: у Жыткавiчах ды Тураве. Выступалi мы й на Свяце горада ў Давыд-Гарадку. А на Свята мацi наш тэатр наведаў Дзiцячы дом закрытага тыпу - з салодкiмi падарункамi, якiя набыў пiсьменнiк, прадпрымальнiк Валеры Сарока.

З такою важкаю падтрымкай нам цiкава ўдельнiчаць штогод i ў святочных праграмах на Дзень горада: нас запрашае аддзел культуры Маскоўскай райадмiнiстрацыi. Артысты мае гатовы паехаць з праграмай, якую рыхтуем, i да землякоў-беларусаў замежжа. А было б цiкава разам заспяваць: "Люблю наш край, старонку гэту, / Дзе я радзiлася, расла..."! Можам дасылаць гуртам супляменнiкаў аўдыёзапiсы народных песень, а таксама новых, з нашага рэпертуару: "Дранiкi-бульбянiкi", "Матулiна хата", "Наша вёска", "Я не бачыў цябе...", прыпеўкi "Слаўлю, Беларусь, цябе!". А калi выедзем да каго ў госцi, то й майстар-клас па танцах даць зможам: досвед маем.

Сёння Тэатр фальклору "Матулiна хата" - гэта Кацярына Пяршлевiч, Зоя Швец, Рыгор Кляйко, Галiна Ягорава, Аляксандр Бойка, Аляксандр Дранiч ды я, мастацкi кiраўнiк. Усе мы дзякуем Валерыю Сароку за дапамогу, падтрымку народнай культуры. I шлём вiтанне самадзейным беларускiм гуртам за межамi Бацькаўшчыны, ведаючы: там жа таксама збiраюцца энтузiясты, якiм хочацца раскрыць свае таленты, падзялiцца з iншыми сваiмi культурнымi набыткамi. Так што па духу ўсе мы - родныя людзi. Таму - давайце будзем сябраваць.

Мiкола Котаў, харэограф, мастацкi кiраўнiк Тэатра фальклору "Матулiна хата"